Quantcast
Channel: Статьи
Viewing all 15480 articles
Browse latest View live

Лекцыя "Беларуская лацінка"ад Арт-Сядзібы – 8 траўня

$
0
0

8 траўня “Арт Сядзіба” ладзіць лекцыю, прысвечаную "Беларускай лацінцы".


Падчас урока ты даведаешся пра гісторыю ўзнікнення і трансфармацыі лацінскага алфавіта ў Беларусі і навучышся правільна чытаць і пісаць беларускай лацінкай.

Лектарка: Ганна Клокава.

Бонус: Light Беларускамоўныя. Кожны з прысутных зможа выйсці на сцэну і адчуць сябе героем праекта "Беларускамоўныя", расказаўшы гісторыю пра свой шлях да беларускай мовы.

Уваход вольны! Падтрымаць можна тут.

Кафэ “Грай”, вул. Інтэрнацыянальная, 33

Пачатак 19:00


Непрыкрыты Soram ад гурта luty sakavik

$
0
0

Мінскі дуэт luty sakavik, які ўтварыўся ў пачатку года, запісаў дэбютны EP з назвай Soram. Чатыры трэкі без абрыдлых электрагітар - толькі біт, бас і сінтэзатары. Сінці-поп, пост-панк і танцавальная электроніка ў сучасным прачытанні.

luty_sakavik2.jpg

luty sakavik - новае і нечаканае амплуа Эрыка Арлова-Шымкуса і Уладзя Лянкевіча, якія дагэтуль гралі ў іншых грунтоўных музычных праектах ад фольку да арт-року, а цяпер кінуліся ў маскульт.

 "Я пачаў множыць сутнасці", - кажа аўтар тэкстаў Уладзь Лянкевіч - "Інтэлектуалы гэтым разам пралятаюць".

45x45.jpg

luty sakavik - што гэта: працяг беларускай пост-панк хвалі, мінскі адказ на фрэшмэнаў, выштурхнутых на святло з андэграўнду суседніх краін ці проста забава двух таварышаў?

Будзьма дасведчанымі : “Слоўнік для кухні” ад Аляксандра Прышывалкі

$
0
0

Ад сёння раз на тыдзень чытайце на нашым сайце пра дужа смачную тэму. Мы распачынаем серыю публікацый “Слоўнік для кухні”!

На кухні мы звычайна робім амаль усё: размаўляем і спрачаемся, завіхаемся і гатуем свае ўлюбёныя стравы: рашчыняем цеста, выпякаем, смажым і варым.

Якім начыннем карыстаемся? Разнастайнымі рондалямі і патэльнямі, міскамі і таркамі.Што збіраем на стол? Талеркі, паўміскі, відэльцы і лыжкі, шклянкі ці келіхі, кубкі і сподкі. Што мы ладзім на кухні? Хуткія перакусы, доўгія нядзельныя сняданкі ды цёплыя сяброўскія бяседы.

А як гэта ўсё апісаць па-нашаму? Аўтары старанна сабралі адказы на гэта пад назвай "Слоўнік для кухні".

Слоўнік раскажа, што хлеб не рэжуць, а крояць, а яйкі ўсё-ткі лупяць. І хоць аўтары сабралі дужа шмат словаў, мы ўпэўненыя, што ён яшчэ не канчатковы. Таму прапануем дапаўняць яго супольна і дасылаць тыя словы, якіх вы не знайшлі ці маеце свае варыянты, на pryshyvalka@gmail.com.

Аўтар слоўніка – Аляксандр Прышывалка, рэдактар – Юрась Пацюпа.



Літара А

абабра́ныочи́щенный, облу́пленный

абабра́ць сов. (снять скорлупу, кожуру) очи́стить, облупи́ть

абало́нкаж.в разн. знач.оболо́чка

абва́раны обва́ренный

абва́рванне ср. обва́ривание; см. абварваць

абва́рваць несов. обва́ривать

абвары́ць сов. обвари́ть; а. агаро́дніну обвари́ть о́вощи

абгарну́ць сов. оберну́ть, обверну́ть

абго́рнены обёрнутый, обвёрнутый; см. абгорнуты

абго́рнуты обёрнутый, обвёрнутый

абго́ртваннеср.обёртка ж., обвёртка ж.;  см. абгортваць

абго́ртка ж.(только материал)обёртка; а действие см.:абгортванне

абгры́зак м.огры́зок; прост.огло́док

абгрыза́нне ср.обгрыза́ние; обгла́дывание

абгрыза́ныобгрыза́емый; обгла́дываемый

абгрыза́цца несов., страд. обгрыза́ться; обгла́дываться

абгрыза́ць несов. обгрыза́ть; (глодая) обгла́дывать

абгры́зеныобгры́зенный; обгло́данный

абгры́зцісов.обгры́зть; обглода́ть

абе́д, -ду м.обе́д; запрасі́ць на а.пригласи́ть к обе́ду; ○ зва́ны а.зва́ный обе́д; сравн.полудзень

абе́дацьнесов.обе́дать

аб'е́дкіед. нетобъе́дки; см.недаедкі

абе́леныразг.освежёванный; очи́щенный от коры́

абе́льванне ср. разг. свежева́ние; очи́стка от коры́; см. абельваць

абе́льваць несов.разг. свежева́ть; разг. очища́ть от коры́; см.разбіраць

абжо́рам. и ж., разг. (о мужчине)обжо́ра, чревоуго́дник; (о женщине) обжо́ра, чревоуго́дница; см.жарло

абжо́рстваср., разг.обжо́рство, чревоуго́дие; см.жарлівасць

абжыра́нне несов.,ср., прост.обжира́ние; см.абжыраць

абжыра́ны прост.обжира́емый

абжыра́ць несов., прост.обжира́ть

абжэ́рты прост.обожра́ный

абжэ́рце несов.,ср., прост.обжира́ние; см.абжэрці

абжэ́рці сов., прост.обожра́ть

абіра́нне ср. 1. сбор м.; 2. чи́стка ж., очи́стка ж.; 3. обира́ние

абіра́ць несов. (кожуру, скорлупу) чи́стить; а. бульбу́ чи́стить карто́шку; а. я́йка чи́стить яйцо́; сравн.лупіць

аблупі́ць сов. облупи́ть; (кору, шкуру и т.п. - ещё) ободра́ть; а. яйка́ облупи́ть яйцо́

аблу́пленыоблу́пленный; обо́дранный

абру́с м. ска́терть ж.

абсыпа́нне ср. обсы́пка ж., обсыпа́ние, осыпа́ние; обва́ливание, обка́тывание

абсы́паны обсы́панный, осы́панный; обва́лянный, обка́танный

абсыпа́ць несов. (чым) обсыпа́ть, осыпа́ть; (поворачивая с боку на бок) обва́ливать (в чём), обка́тывать (в чём) ; а. цукро́вай пу́драй обсы́пать (осы́пать) са́харной пу́дрой; а. катле́ты муко́й обваля́ть (обката́ть) котле́ты в муке́

абсы́пка ж.(только предмет) обсы́пка; а действие см.абсыпанне

абціска́нне ср.обми́н м., обми́нка ж.

абціска́цьнесов. (приминать) обмина́ть; а. хле́бнае цестаобмина́ть хле́бное те́сто

абці́снутыобмя́тый

абці́снуць сов. (примять) обмя́ть; а. це́ста обмя́ть те́сто

аб'яда́ццанесов. 1.объеда́ться; пресыща́ться; 2.страд.объеда́ться; см.аб'ядаць

аб'яда́цьнесов., в разн. знач.объеда́ть

абялі́ць сов., разг. освежева́ть; а. барана́ освежева́ть бара́на;  (очистить от коры) окори́ть; а. ражо́н окори́ть вертёл

аглаблёвы:выпіць аглаблёвую (чарку)выпить на посошок

аго́рклысм.згорклы

аго́ркнуцьсов.см.згоркнуць

адбіва́нне ср. отбива́ние

адбіва́ць несов., в разн. знач.отбива́ть

адбі́ты отби́тый

адбі́ць сов., в разн. знач. отби́ть

адкаркава́цьсов.отку́порить, раску́порить

адкіпа́нне, ср.свёртывание; см.адкіпаць

адкіпаццанесов. (при кипячении – о молоке) свёртываться

адкіпа́ць несов. 1. перестава́ть кипе́ть; 2. (о молоке) свёртываться;см. адкіпацца

адкіпе́лы (при кипячении – о молоке) сверну́вшийся

адкіпецца сов. (при кипячении – о молоке) сверну́ться

адкіпе́ць сов. 1. переста́ть кипе́ть; 2. (о молоке) сверну́ться;см. адкіпецца

адкро́ены отре́занный

адкро́іць сов. (ломоть хлеба) отре́зать

адраза́нне ср. отреза́ние, отре́зывание, отре́зка ж.; отпи́ливание

адраза́ць несов., в разн. знач. отреза́ть

адрэ́заны отре́занный

адрэ́заць сов. в разн. знач. отре́зать; а. кава́лак са́ла отре́зать кусо́к са́ла; см. адкроіць

адрэ́званне ср., см. адразанне

адсто́яцца сов. (дать осадок) отстоя́ться; малако ~то́ялася молоко отстоя́лась

адтапі́цьсов. 1.створо́жить; а. малако́створо́жить молоко́; 2. (растопив, отделить) вы́топить; а. тлушчвы́топить са́ло

адта́пляннеср. 1.створа́живание; 2.выта́пливание

адта́пляцьнесов. 1.творо́жить, створа́живать; 2. (растапливая, отделять) выта́пливать

адто́плены 1.створо́женный; 2.вы́топленный

адто́пліваннене рекоменд., см.адтаплянне

адто́плівацьне рекоменд., см.адтапляць

адціна́нне ср. отруба́ние, отсече́ние; отку́сывание; отреза́ние

адціна́ць несов. отруба́ть, отсека́ть, (зубами) откусывать; (ножницами) отреза́ть

адціска́ннеср. 1.отда́вливание; 2.спец.отжи́м м., отжи́мка ж.; 3.отпеча́тывание, оттискивание

адціска́цьнесов. 1.отда́вливать; 2. (выжимать влагу) отжима́ть; 3. (оставлять отпечаток на чём-л.) отпеча́тывать, оттискивать

адці́снены 1.отда́вленный; 2.отжа́тый; 3.отпеча́танный, отти́снутый; см.адціснуты

адці́снуты 1.отда́вленный; 2.отжа́тый; 3.отпеча́танный, отти́снутый

адці́снуць сов. 1. отдави́ть; 2. (выжать влагу) отжа́ть; 3. (оставить отпечаток на чём-л.) отпеча́тать, отти́снуть

адця́ты отру́бленный, отсе́ченный; отку́шенный; отре́занный

адця́ць сов. отруби́ть; отсе́чь; (зубами) откуси́ть; (ножницами, ножом и т.п.) отре́зать

аза́дак, -дка м. (часть туши) огу́зок, зад

аза́ддзесобир., ср., см.пазаддзе

аздабля́нненесов.;ср.(действие)украше́ние, украша́тельство; см.аздабляць

аздабля́цьнесов.украша́ть

аздо́баж. (предмет, изображение) украше́ние ср.

аздо́біць сов. укра́сить

аздобленнесов.;ср.(действие)украше́ние; см.аздобіць

аздо́бленыукра́шенный

аздо́блівацьне рекоменд., см.аздабляць

акаві́таж., см.акавітка

акаві́ткаж., разг., ист.во́дка, насто́янная на коре́ньях

акано́мкаж., ист.эконо́мка, домоправи́тельница; управи́тельница; см.ахмістрыня

акра́ец, -ра́йца м.горбу́шка ж.; краю́ха ж.

акра́йчыкм.горбу́шка ж.; краю́шка ж.

акра́саж.жир, скоро́мное для запра́вки ку́шанья

але́й (род.але́ю) м.ма́сло (растительное); како́савы а.коко́совое ма́сло; канапля́ны а.конопля́ное ма́сло

але́йнік м.(специалист по выработке растительного масла) маслоде́л, маслобо́й, маслобо́йщик

але́йніца ж. 1. маслобойщица ж.; 2. торговка маслом ж.; 3. сосуд для растительного масла ж.

але́йніцтваср. (производство растительного масла)маслоде́лие

але́йны 1. ма́сляный; 2. бот.ма́сличный; ~ныя раслі́ныма́сличные расте́ния; 3. (относящийся к производству растительного масла) маслобо́йный, маслоде́льный

але́йня ж. (для производства растительного масла) маслобо́йня, маслозаво́д

але́йшчыкне рекоменд., см. алейнік

алкаго́ль, -лю м.алкого́ль

ану́ча ж.тря́пка, вето́шка

апа́раны обва́ренный, ошпа́ренный

апа́рванне ср. ошпа́ривание

апа́рыць сов. (обдать кипятком) обвари́ть, ошпа́рить; а. фру́кты ошпа́рить фру́кты

апрацава́нне сов.,ср. обрабо́тка; см. апрацаваць

апрацава́ны обрабо́танный, см. апрацаваць

апрацава́ць сов.  обрабо́тать

апрацо́ўванне несов.,ср. обраба́тывание ср., обрабо́тка ж.см. апрацоўваць

апрацоўваны обраба́тываемый, см. апрацоўваць

апрацо́ўваць несов. обраба́тывать

апрацо́ўкаж. (результат)обрабо́тка; см.апрацаванне

аржаны́ржано́й

аско́маж., прям., перен.оско́мина; ◊ нагна́ць ~мунаби́ть оско́мину

аско́містыразг.оско́мистый; см. даўкі

асма́глы(от жары, жажды) запёкшийся, пересо́хший

асма́гнуць сов. (от жары, жажды) запе́чься, пересо́хнуть

асмя́глысм.асмаглы

асмя́гнуцьсов. см.асмагнуць

асту́джаныохлаждённый, осту́женный

астуджванненесов.;ср.(действие)охлажде́ние, осту́живание; см.астуджваць

асту́джваныохлажда́емый

асту́джвацьнесов. (делать холоднее) охлажда́ть, остужа́ть

астуджэннесов.;ср.(действие)охлажде́ние; см.астудзіць

астудзі́цьсов. (сделать холоднее) охлади́ть, остуди́ть; а. ваду́охлади́ть (остуди́ть) во́ду

астыва́ннеср.остыва́ние

астыва́цьнесов. (становиться холодным) остыва́ть

асты́лыосты́вший

асу́шак, -шка м.суха́я ко́рка хле́ба

аўстэ́рыяж.ист. зае́зжий дом, трактир м.

афіцыя́нтм.официа́нт

ахаладжа́льныохладительный;(освежающий) прохлади́тельный, охлажда́ющий; ~ныя напі́ткі (напоі)прохлади́тельные напи́тки

ахаладжа́ць несов., см. ахалоджваць

ахаладзі́ць сов. 1. (сделать более холодным) охлади́ть, остуди́ть, прохлади́ть

ахало́джаны охлаждённый, осту́женный, прохлаждённый; см. ахалодзіць

ахало́джванне ср. охлажде́ние; см. ахалоджваць

ахало́джваны охлажда́емый, остужа́емый; см. ахалоджваць

ахало́джваць несов. (делать более холодным) охлажда́ть, остужа́ть, прохлажда́ть

ахмістры́няж., ист.домоправи́тельница, эконо́мка, управи́тельница

слоўнік для кухні.jpg

«Амаль не з таго сьвету ўскрос». Ліставаньне Янкі Купалы як гісторыя хваробаў

$
0
0

Толькі ўявіце сабе, якой моцнай і дужай, і бадзёрай магла б быць беларуская літаратура, калі б нашыя клясыкі маглі скарыстацца мэдычнай дыягностыкай і лекамі XXI стагодзьдзя…

Адам Гурыновіч памёр ад чорнай воспы ў 25 гадоў, Цётка — ад тыфусу ў 39 гадоў, Максім Багдановіч — ад сухотаў у 25 гадоў. Гэты сьпіс можна працягваць вельмі доўга.

З гісторыі нацыянальнай літаратуры можна скласьці яшчэ адзін умоўны сьпіс — туды ўваходзяць творцы, якія да старасьці мужна змагаліся з рознымі хваробамі, у тым ліку інфэкцыйнымі. Шмат высілкаў і энэргіі на гэтую барацьбу выдаткоўваў і Янка Купала - піша Павел Абрамовіч на сайце Радыё Свабода.

Чатыры сьмерці разам

Што такое раптоўная сьмерць ад хваробы, Купала зьведаў юнаком. Вясною 1901 году памёр бацька паэта, восеньню таго ж году — ягоны адзіны брат, а праз тыдзень яшчэ і дзьве сястры, самыя маленькія. Бедныя дзеці не змаглі адолець шкарлятыну.

Януку тады было 19 гадоў — ён быў найстарэйшы зь сямі дзяцей Дaмiнiка Анyфpыeвiча i Бянiгны Івaнaўны. Патэнцыйна хвароба яму не пагражала (мэдыкі сьцьвярджаюць, што 90% людзей, якія хварэюць шкарлятынай, — гэта дзеці ва ўзросьце ад аднаго да 16 гадоў), але ўсё-ткі гэта досыць небясьпечная інфэкцыя. Асабліва калі ўлічыць адсутнасьць у вёсцы належнай мэдычнай дапамогі, наагул неспрыяльныя варункі жыцьця. Нішчымніца перасьледавала сям’ю Купалы, праз што бацька паэта, дробны шляхціц, вымушаны быў «вандраваць» па Меншчыне ў пошуках лягчэйшых умоваў арэнды.

Сьмерць родных пакінула глыбокі сьлед у душы Купалы. Ці не таму ў ягоных вершах, пачынаючы з першага зборніка «Жалейка» (1908), будуць так часта выкарыстоўвацца вобразы могілак, крыжоў, хаўтураў?

Рукапіс верша Купалы «Генацвале»

Рукапіс верша Купалы «Генацвале»

Да таго ж, калі прыгаломшаны бядою юнак ладзіў пахаваньне сваіх сясьцёр, адбыўся вельмі непрыемны выпадак: ксёндз запатрабаваў грошай у падвоеным памеры.

«Я запротестовал, потому что его [ксендза] труд был ни больше, ни меньше, чем при похоронах одного брата, — згадвае Купала той чорны дзень у лісьце да Льва Клейнбарта ад 23.11.1927 г. — На это ксендз ответил, что там он брал плату за одну голову, а тут за две головы. После этого, хотя я до названного случая не был очень верующим, но этот торг „духовника“ выбил из меня все остатки веры».

Безумоўна, гэта агіднае здарэньне, нехрысьціянскі ўчынак сьвятара паўплывалі і на мастацкі стыль, сьветаўспрыманьне Купалы-паэта.

Вясна і лета як хвароба

«Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму», — чытаем у Купалавым вершы «Вёска».

Самога Купалу хваробы непакоілі і ўлетку — ужо ў сталым узросьце. «Здароўе маё не ажэбы, пакашліваю трохі, — піша з вёскі 30-гадовы Купала Браніславу Эпімах-Шыпілу. — Сягоньня еду ў Мінск і думаю пабываць у доктара, а то ўжо пачынаю баяцца, каб не пайсьці да Абрагама на піва». Гэты ліст датаваны 2 чэрвеня 1913 году; за вокнамі хаты — гнілое беларускае лета: Купала адзначае, што цяпер холадна і ліюць дажджы.

Янка Купала і Ўладзіслава Луцэвіч, 1916

Янка Купала і Ўладзіслава Луцэвіч, 1916

Пра стан свайго здароўя Купала піша рэгулярна самым розным людзям (пераважна мужчынам), але без сьлязьлівага жалю да сябе. Мяркуючы па эпісталярнай спадчыне паэта, найбольш часта ён хварэў усё ж напачатку году, а таксама вясною.

Так, 16 сакавіка 1913 году Купала парыўся ў лазьні і застудзіўся, пасьля чаго два тыдні моцна хварэў — «еле ноги влачу и ни о чем думать не в состоянии» (ліст да Апалона Карынфскага ад 16.03.1914 г.). Нядаўнюю (неназваную) хваробу, якая замінала яму працаваць і своечасова адказваць на карэспандэнцыю, згадвае ён і ў лісьце Яўгену Мазалькову ад 09.03.1937 г. А напрыканцы красавіка — напачатку траўня 1942 года Купала перахварэў грыпам і «нейкім мабыць раматусам: балелі ўсе косьці» (ліст да Кузьмы Чорнага і Паўла Кавалёва ад 09.05.1942 г.).

«Уваскрэсеньне» паэта

Самым страшным для паэта быў пачатак 1920 году. 9 студзеня ён захварэў на пэрытаніт (гнойнае запаленьне сьляпой кішкі). Доктар Малькевіч аказаў паэту першую дапамогу, а ягоныя сябры, у тым ліку Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Тарашкевіч, на насілках (!) занесьлі яго з кватэры ў бальніцу. Там 37-гадовы Купала правёў ажно тры месяцы, змагаючыся са сьмерцю.

У лісьце ў рэдакцыю газэты «Беларусь» ад 20.03.1920 г. ён зь цеплынёю згадае ўсіх, хто яму дапамог тады, найперш дактароў: «Першым чынам нізкі паклон і дзякуй ад сэрца шлю д-ру Казубоўскаму і д-ру Маліноўскаму: першаму — за апэрацыю, дзякуючы якой я амаль не з таго сьвету ўскрос (тут і далей выдзелена мною — П.А.), а другому за шчыра-бацькоўскі даглёд і перавязкі, якімі стараўся аблягчыць мае цяжкія мучэньні».

Янка Купала (у першым радзе пасярэдзіне) сярод студэнтаў у Празе, 1925

Янка Купала (у першым радзе пасярэдзіне) сярод студэнтаў у Празе, 1925

З бальнічных сясьцёр Купала асабліва вылучыў Галіну Суднік, якая даглядала яго, па словах паэта, нібыта родная сястра. Дарэчы, пазьней у лістах з розных санаторыяў Купала будзе заўсёды з асаблівай пяшчотай згадваць менавіта малодшы мэдычны пэрсанал. Напрыклад, у лісьце да Васіля Цярэнцьева ад 02.02.1938 г. ён просіць перадаць прывітаньне «сестричкам 7-го источника Кисловодска».

Купалу выпісалі з бальніцы 20 сакавіка, у суботу. Па ягоных словах, ён выйшаў адтуль «з пакрыўленай губай і з надломаным зусім здароўем. Папраўдзе пабываў на тым сьвеце» (ліст да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 20.09.1922 г.). Ачуняць ад хваробы Купалу, мяркуючы па ягоным ліставаньні, дапамаглі ня толькі мэдыкі, але і апека ксяндза Абрантовіча — рэктара былой Менскай духоўнай сэмінарыі, за што паэт выказаў яму падзяку.

Перафразуючы вядомую прымаўку, можна сказаць — «ксёндз ксяндзу ня роўны». Купала гэта разумее, болей за тое, у сваім лісьце, як бачым, ужывае слова «ўскрос». Гэта сапраўды важкае, значнае слова. Відавочна, пасьля апэрацыі Купала шмат думаў аб жыцьці і сьмерці, вечным існаваньні і хуткабежным чалавечым лёсе.

Радасьць — галоўнае

Напачатку красавіка 1920 году вернікі адзначалі Вялікдзень (католікі — 4 красавіка, праваслаўныя — 11). Напярэдадні сьвята Купала напісаў для газэты «Беларусь» пранікнёны верш «Усяночная», у якім ёсьць такія словы: «У гэту ночаньку // Велікодную // Зь мёртвых Богавы // Сын васкрэсіцца». Пасьля страшнага 1901 году Купала-паэт — ня вернік, але заўважце, усё-ткі ён верыць, нягледзячы на ўсе жыцьцёвыя страты, пакуты і выпрабаваньні.

Янка Купала, 1923

Янка Купала, 1923

Слабы перад інфэкцыямі арганізм і працяглыя хваробы не даюць Купалу цешыцца жыцьцём. «Адным словам, жылося апошнія гады і жывецца не вельмі радасна», — піша ён у лісьце да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 20.09.1922 г. Кепскае здароўе, бясконцыя хваробы таксама замінаюць ягонай літаратурнай працы — чарговы зборнік, «Спадчына», зьявіцца толькі праз два гады пасьля таго, як ён ледзь-ледзь адужаў пэрытаніт.

Дарэчы, пэрытаніт — цяжкая хвароба з ускладненьнямі. 37-гадовы Купала адчувае, што ягонаму здароўю нанесена непапраўная шкода — паэт як у ваду глядзеў. Імунітэт Купалы пасьля 1920 году моцна саслабеў. У наступным, 1921-м (і ізноў напачатку года!), паэт перахварэў на плеўрыт, у 1922-м — «на нейкую жаўтуху» (ліст да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 20.09.1922 г.). Яшчэ праз некаторы час у Купалы пачнуцца праблемы з ныркамі, сэрцам (ліст да Льва Клейнбарта ад 21.07.1929 г.) і пазваночнікам (ліст да Яўгена Мазалькова ад 01.02.1938 г.).

Жыцьцё на нэрвах

Юнацтва Купалы было безграшовым, бедным. Мала што зьмянілася, калі яму споўнілася 30 гадоў — і гэта нават, калі ня ўлічваць цяжкія абставіны Першай сусьветнай вайны і рэвалюцыі 1917 году. Празь невялікую зарплату і затрымкі з выплатай ганарараў, Купала вымушаны быў доўгі час пазычаць грошы і нават насіць асабістыя рэчы ў лямбард.

Янка Купала, 1939

Янка Купала, 1939

«Я страшэнна находжуся ў крытычным палажэньні, так што хоць вешайся, — піша ён (ліст да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 28.09.1914 г.). — Атрымліваю тут толькі 30 рублёў, і гэтых мо і хапіла б, каб ня іншыя надзвычайныя расходы. <…> Са стараны я нідзе не магу зарабіць, нават выехаць дамоў не магу, бо сам адзін рэдагую цяпер „Нашу Ніву“. <…> Яшчэ і цяпер у мяне не топіцца ў печы і прыходзіцца калець і хварэць, бо няма за што купіць дроў».

Акром асабістага здароўя, паэту трэба было думаць пра сваю жонку, Уладзіславу Станкевіч, якая «трохі на нэрвы хварэе» (ліст да Браніслава Эпімах-Шыпілы ад 26.09.1916 г.).

Толькі значна пазьней, дзесьці праз 15 гадоў (фактычна напрыканцы жыцьця), у Купалы нарэшце зьявяцца грошы, прычым вялікія. Так, за зборнік «Ад сэрца» (1940) ён атрымае Сталінскую прэмію першай ступені памерам у 100 тысяч рублёў.

У пошуках сонца

Нарэшце паэт можа паклапаціцца пра ўласнае здароўе. «Еду на юг Крыма, погреться», — такія словы ўсё часьцей сустракаюцца ў ягоных лістах (ліст да Льва Клейнбарта ад 21.07.1929 г.). Іншым разам здаецца, што Купала больш заклапочаны пуцёўкамі, чым вершамі — цяпер у яго іншыя прыярытэты. Узрушаны гарачым сонцам, спакойнымі ўмовамі вольнага жыцьця сярод гор і кіпарысаў, нарзанавымі ваннамі, Купала раіць свайму сябру, перакладчыку Сяргею Гарадзецкаму… далучыцца да яго на поўдні: «… выколачивай 500 руб. на путевые расходы и папиросы и приезжай. Ведь ты сердечник…» (ліст ад 18.11.1937 г.).

Янка Купала, 1941

Янка Купала, 1941

Але хваробы, як і сам адпачынак ад працы, таксама робяцца даўжэйшымі — робіцца адчувальным ўзрост песьняра. Яму ўжо кепска дапамагаюць нават радонавыя ванны вядомага бальнеалягічнага курорту СССР, які месьціўся у грузінскім мястэчку Цхалтуба — горад гэты маленькі, затое сюды ідзе прамы цягнік з Масквы. У лісьце да Сяргея Гарадзецкага, датаваным канцом траўня — пачаткам чэрвеня 1938 г., Купала паведамляе, што сур’ёзна хварэе тут, у Менску, ужо чацьвёрты тыдзень і толькі нядаўна, абапіраючыся на дзяжурную сястру, пачынае хадзіць па пакоі.

Здараецца, Купала, калі яму даводзіцца асабліва цяжка ў жыцьці і прафэсійнай дзейнасьці, спрабуе хоць неяк абараніцца, нагадаўшы іншым пра свае хваробы: «Если в Гослитиздате будут чего-нибудь артачиться, то скажи, что я больной и мне нельзя невничать», — просіць ён Сяргея Гарадзецкага (ліст з канца траўня — пачатку чэрвеня 1938 г.).

Надзеям на лепшае яшчэ ёсьць месца ў жыцьці састарэлага паэта. «Чакаю цяпла і зелені, — піша сваім карэспандэнтам 59-гадовы Купала. — Тады забяруся ў кусты і буду прыдумываць усякія штукі» (ліст да Кузьмы Чорнага і Паўла Кавалёва ад 09.05.1942 г.).

Але жыць і тварыць Купалу засталося месяц, і не хвароба перакрэсьліць шлях песьняра — сьмерць іншага роду ўладна і рэзка закрые ягоную мэдычную картку.

З'явілася прыгожая расфарбоўка з выявамі Баранавічаў

$
0
0

«Не кожны беларускі горад можа пахваліцца такім атрыбутам, як расфарбоўка з уласнымі выявамі», — піша краязнаўца Алесь Гізун. — Баранавічы цяпер маюць рэч! Гэта добрая ідэя належыць Жэні Крымскай, цудоўныя малюнкі стварылі мастачкі Віка Чайка, Маліка Ачылава і дызайнер Дзіма Ску, а словы напісаў я»


Алесь Гізун, facebook.com via nn.by

«Прыбіральшчыцы ў школе мяне ненавідзелі». Гісторыя самай крутой рок-бубначкі Беларусі

$
0
0

Віку заспяваем у грымёрцы незадоўга да канцэрта. Яна папраўляе бейсболку перад люстэркам, бярэ пацёртыя палачкі (для іх гэты канцэрт — апошні) і, пакуль гутарыць з іншымі музыкамі, адбівае рытм на каленцы.

НН: Што ўваходзіць у ваш райдар?

— Усё, што бачыце на стале, — адказвае бас-гітарыст Раман Жыгараў. На стале чакаюць бутэрброды, фрукты, сок.

— І вось гэта, — смяецца бубначка і адчыняе халадзільнік, набіты півам.

«У мяне не было дзяцінства ў дварах, нейкіх прыгод»

Дзяцінства Вікі праходзіла ў Шабанах. Але зусім не так, як вы падумалі.


 

— Вучылася я ў класе з эстэтычным ухілам, хадзіла на фано, на хор. Мяне асабліва не пыталі: слых быццам ёсць, сястра займаецца, піяніна дома стаіць — усё, пасуе. Таму ў мяне не было дзяцінства ў дварах, нейкіх прыгод. Добры клас, добрая сям’я — усё даволі прыстойна.

Бубначка жартуе: на Шабанах усе п’юць з раніцы, а ўвечары ўжо ціхенька сядзяць па дамах. Ніякага крыміналу тут няма. «Напачатку крыўдзілася: колькі ўжо можна жартаў пра гэту рэзервацыю? А зараз ўсё роўна».

З дзяцінства Віка прывыкла да жорсткага тайм-менеджменту: урокі — паўгадзіны вольнага часу — заняткі ў музычнай школе. Дзевяць гадоў яна грала на фартэпіяна — пару разоў хацела кінуць, але штосьці стрымлівала. У барабаны дзяўчына закахалася, калі ёй было 11.

— Паглядзела нейкі кліп па тэлевізары, дзе граў хлопец прыкладна майго ўзросту, і проста заліпла, — успамінае музыка. — На гітару я так не глядзела, на якія-небудзь цымбалы пофіг было, а тут нешта зачапіла.

Пераломны момант здарыўся пасля 9 класа: Віка перайшла ў ліцэй, зрабіла сваё першае тату, а тата з мамай падарылі ёй ударную ўстаноўку.

— Бацькі пазванілі ў музычную школу: «Хочам паставіць у вас барабаны, дачка няхай займаецца». Я думала, нас пашлюць адразу. А яны: так-так, без праблем, вось вам клас, стаўце сюды, толькі пасля васьмі вечара прыходзьце, калі ўжо няма ўрокаў, бо гэта вельмі гучна. Карацей, усё было добра, але прыбіральшчыцы мяне ненавідзелі люта, — смяецца.

У падлеткавым узросце Віка заслухвалася Nickelback, Aerosmith, Metallica. Папсу не любіла: там барабанаў няма. Густ да добрай музыкі ёй прывіў тата. «У яго было шмат пласцінак. Прычым не Алеграва якая-небудзь, а Стынг, Элтан Джон».

«Дзяўчынка, з якой я займалася, напісала ЦТ на 94 ці 96 балаў»

Свой першы гурт Віка знайшла выпадкова. Размясціла аб’яву ў «Музычнай газеце», што шукае выкладчыка па барабанах (акадэмічную адукацыю яна не стала атрымліваць: граць рок там усё роўна не навучаць). Але замест педагога ёй патэлефанавалі дзяўчаты, якім была патрэбна ўдарніца ў гурт. Віка паставілася скептычна: жаночыя гурты яна наогул неяк недалюблівала, ёй здавалася, што там зашмат пазёрства і мала музыкі. Сказала, каб адмазацца: набірайце мяне праз год. Дзяўчаты праз год і патэлефанавалі. У выніку Віка выступала з імі пару гадоў.

— З тых часоў я пастаянна граю. Быў перыяд, што выступала адразу ў трох гуртах — цяпер толькі з Akute. Па-першае, складана было б сумяшчаць. У пачатковыя гурты я не пайду, мне ўжо не цікава, а ў больш-менш сур’ёзных канцэрты часта выпадаюць на пятніцу-суботу-нядзелю, будуць перасячэнні. Па-другое, мне хапае чым займацца.

Асноўная праца дзяўчыны — рэпетытарства: выпускніца лінгвістычнага ўніверсітэта, Вікторыя Сяргееўна падцягвае школьнікаў у ангельскай мове. На дзень у яе можа быць па 8—10 урокаў. Прычым аб’яў Віка даўно не дае — спрацоўвае сарафаннае радыё.

— Летась дзяўчынка, з якой я займалася, напісала ЦТ на 94 ці 96 балаў. Яна, праўда, прыйшла да мяне падрыхтаваная, але я гэтым фактам ганаруся і заўсёды расказваю, — усміхаецца гераіня. — Асабліва прыемна, калі прыходзяць дзеці «забітыя» і праз адны-двое заняткаў становяцца разняволенымі.

Бацькоў нестандартная рэпетытарка не адпуджвае. Некаторыя нават падпісаныя на яе ў інстаграм і лайкаюць фоты з канцэртаў.

Бубначка не хавае: была б не супраць цалкам зарабляць на жыццё музыкай. Але гэта ніколі не было галоўнай мэтай, таму яна мінула стадыю кавер-бэндаў і можа дазволіць сабе граць толькі тое, што хоча.

— Часам гурт, канечне, прыносіць добрыя грошы, а можа быць тры месяцы, калі проста нуль. І я не бядую з-за гэтага, бо ў мяне ёсць праца, якую я ў прынцыпе люблю і якая дазваляе мяне адчуваць сябе вольна, ні ў чым сабе не адмаўляць.

«Каментары кшталту «выходзь за мяне замуж» пастаянна пакідаюць»

Перад тым, як ісці на сцэну, Віка надзявае навушнікі — каб не пакутаваў слых.

— Гук, канечне, у іх крыху прыглушаны, не так кайфова граць, але я знаходжу нейкую сярэдзіну. Раней, калі не карысталася ніякімі бірушамі, пасля канцэрту была быццам плёнка ў вушах. Першыя некалькі гадзін або да раніцы такое трымалася, гэта вельмі дрэнна.

На сядзенні ў бубначкі заўсёды ляжаць запасныя палачкі. Бо, калі падчас бадзёрага трэку адна вылеціць (а такое здараецца), — гэта правал: адразу згубіцца дынаміка.

Ці баляць пасля канцэрту рукі? Не, усміхаецца Віка. А вось мазалі бываюць. Часта, калі клуб маленькі і там вялікая вільготнасць, мазалі ўтвараюцца наўпрост падчас выступлення.

— Напэўна, самыя добрыя канцэрты — кшталту нашай нядаўняй прэзентацыі ў «Рэпабліку», калі даволі вялікае памяшканне і ўсе прыйшлі на цябе. Дробныя клубы мне менш падабаюцца: мала месца, я ўпіраюся локцямі ў сцену. Выключэнне — «Кватэрнік» у Гомелі. Там сцэна маленькая, за метр ад цябе барная стойка, але народ такі разнос робіць заўсёды, — дзеліцца Віка. — Фестывалі — гэта крута, але складана, бо на іх прыходзіць народ, які, магчыма, цябе наогул не ведае. І табе трэба зачапіць. Яно маштабна, але няма такой аддачы.

Затое самыя вялікія ганарары, прызнаецца дзяўчына, прыносяць менавіта фестывалі.

У мужчынскай кампаніі Віка пачувае сябе свабодна — сярод яе знаёмых хлапцоў заўсёды было больш за дзяўчат.

«Туры, паездкі — няважна. Зразумела, мне там канапку палепей дадуць», — смяецца суразмоўніца.

Барабаншчыца, дарэчы, вядзе свой канал на YouTube, дзе выкладае запісаныя каверы. Самы папулярны — на трэк Slipknot «Before I Forget» — набраў 417 тысяч праглядаў! Песні Віка разбірае на слых, ніколі не запісвае партыі нотамі, як гэта робяць акадэмічныя музыкі.

— Каверы не прыносяць мне ніякага даходу. Там жа гучыць арыгінальная гукавая дарожка і наверх граю я, таму ўсе грошы ідуць яе праваўладальніку. Я стараюся рабіць гэта, проста каб заваяваць новую аўдыторыю. Ёсць шансы, што цябе хтосьці ўбачыць. Прынамсі з-за кавераў я стала эндорсерам (афіцыйным тварам. — Nina.nn.by) дзвюх замежных фірм па продажы барабанаў і талерак — за ўсё жыццё, што я займаюся музыкай у Беларусі, я б гэтага не дасягнула. Для музыкі быць эндорсерам — знак якасці. Гэта дае мне матывацыю апраўдваць усё.

Калі табе кажуць: «У нас выйшла новая серыя барабанаў, давай мы табе прышлём інструменты бясплатна і ты будзеш здымаць з імі каверы», — мне, канечне, вельмі прыемна.

Прыхільнікі? Віка жартуе: каментары кшталту «выходзь за мяне замуж» пад відэа з яе каверамі пастаянна пакідаюць.

— Быў час, адзін хлопец з Філіпінаў мне пісаў. А я ж не ганарліваю, адказваю, калі не пачынаецца нахабства, а ідзе проста сяброўская размова. Ён мне дасылаў у падарунак драўляную фігурку з маім імем, паказваў фатаграфіі сваёй бабулі, мамы, расказваў, як спрабуе знайсці працу. Было міла.

«Даўно не нашу нейкіх спадніц, сукенак — ужо не трэба нікому нічога даказваць»

У бейсболцы, кедах і з вялікім тату на плячы Віка стварае ўражанне пацанкі.

— А мой муж кажа, што я вельмі жаноцкая, — заўважае яна. — І я гэта не першы раз пра сябе чую ад блізкіх людзей. Я даўно не нашу нейкіх спадніц, сукенак — проста таму, што мне гэта не падабаецца і ўжо не трэба нікому нічога даказваць. Я ведаю, што я такая, якая ёсць. Я даволі эмацыйны чалавек: цёплы, ласкавы, клапатлівы…

Калі б я хацела праглядаў не 200 тысяч, а два мільёны, я, напэўна, максімальна зняла б адзенне, як робяць многія. Але навошта?

Муж бубначкі — вакаліст гурта:B:N Алесь Лютыч. Праз музыку яны і пазнаёміліся.

— Гурту трэба было адыграць канцэрт у Віцебску, а ў іх бубнача не атрымлівалася. Яны і давай шукаць. Пішуць мне ў Фэйсбуку: вось, трэба сыграць тэрмінова. Я думаю: песні разбіраць так лянота. Нейкую цану назвала, за якую было б не шкада часу. Усё, дамовіліся. Адна-дзве рэпетыцыі — мы з Сашам неяк адразу спадабаліся адно аднаму. Вельмі класна, калі два чалавекі займаюцца музыкай. Пунктаў сутыкнення максімальная колькасць.

Сняданкі ў іх пары гатуе Саша.

— Ён рос з двума братамі, і мама заўсёды іх вучыла, што трэба пайсці на грады, штосьці зрабіць па доме. Ён прывык працаваць: не так, што нічога не магу, нічога не ўмею. Калі я з’еду на тыдзень і ён застанецца адзін, цудоўна будзе сябе адчуваць: усё сабе прыгатуе, памые, адпрасуе.

Я калі з бабуляй размаўляю і разумею, што раней мужчыны нічога не маглі зрабіць самі, — гэта ж кашмар! Я рада, што мы не жывём у той час.

Наконт фанатак мужа, без якіх прафесія музыкі немагчыма, Віка не перажывае.

— Не, ну нехта піша штосьці, але… Ён нераўнівы таксама, інакш было б складана. Мы адно аднаму максімальна давяраем. А ўсе з пальца высмактаныя праблемы, рэўнасць — ну навошта?

Наталля Лубнеўская, фота і відэа Волі Афіцэравай, Наша Ніна


Прэзентацыя кнігі беларускага паэта з Канады Юрася Шамецькі “Непрадказальнае” – 10 траўня

$
0
0

10 траўня (пятніца) у Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыя новай кнігі беларускага паэта з Канады Юрася Шамецькі “Непрадказальнае”. Музычны госць – Андрусь Такінданг. Пачатак а 18-й. Уваход вольны.

10_Шамецька_апошні.jpg

Юрась Шамецька нарадзіўся ў Мінску, а з 1997 года жыве і працуе ў Канадзе. Аматары паэзіі ведаюць яго па першай кнізе, названай “Шлях да вяртання”. Другі зборнік вершаў названы метафарычна. Атава — гэта не толькі горад, дзе жыве паэт, але і трава, што вырасла пасля першай касавіцы, якая сімвалізуе вечнае перараджэнне і абнаўленне.

Творы Юрася Шамецькі пашыраюць прастору беларускай паэзіі не толькі геаграфічна, але і канцэптуальна. Кожны, хто прачытае кнігу, зможа пагадзіцца, што яго паэтычнае вяртанне на радзіму адбываецца па-сапраўднаму таленавіта і пераканаўча.

Яны нібыта жывыя! У Мінску ўзвялі з пяску гіганцкіх багоў і духаў Беларусі

$
0
0

Убачыць на ўласныя вочы гэты цуд можна ў «Дрымлэндзе» да 15 верасня. Уваход каштуе 10—12 рублёў, ёсць зніжкі для дзяцей, студэнтаў, пенсіянераў.Амаль тры тыдні спатрэбілася 10 скульптарам з Беларусі і Расіі, каб удыхнуць жыццё ў горы пяску. Усе манументы — героі беларускай міфалогіі. Цмок, Пярун, Жалезны чалавек, Расамаха — каго тут толькі няма. Самая вялікая скульптура ў вышыню сягае пяці метраў.

Пясчаныя манументы абараняе спецыяльнае пакрыццё, таму ім не страшны не толькі дождж, але нават град.

Калі: па 15 верасня, з 11.00 і да заходу сонца (ад 18 мая графік будзе яшчэ больш пашыраны).

Дзе: «Дрымлэнд», Мінск, вул. Арлоўская, 80.

Цана: 10 рублёў у буднія, 12 рублёў — у выходныя.

Для дзяцей да 3 гадоў уваход вольны.

Дзеці 4—16 гадоў — 5 рублёў у буднія, 7 рублёў — у выходныя.

Ільготны (пенсіянеры, студэнты, інваліды, шматдзетныя сем'і): 7 рублёў у буднія, 9 рублёў — у выходныя.

Фота Надзеі Бужан, Наша Ніва


«ЖЭС-арт». Беларус зьняў фільм пра стэрыльныя вуліцы і замаляваныя графіці

$
0
0

Чысьціня беларускіх гарадоў стала і нацыянальным брэндам, і жартам. На цэнтральных вуліцах складана знайсьці лісьце ці недакурак, а на сьценах будынкаў — графіці. Максім Швед настолькі захапіўся квадрацікамі замаляваных камунальнымі службамі графіці, што нават зьняў пра гэта дакумэнтальны фільм «Чыстае мастацтва», які ўлетку прэзэнтуюць на Кракаўскім кінафэстывалі - піша Свабода.


«Палякі мала ведаюць пра Беларусь»

Максім Швед вучыўся ў БДУ на юрыста-палітоляга, але па спэцыяльнасьці ніколі не працаваў. Пасьпяхова займаўся бізнэсам, але вырашыў пераключыцца на кінэматограф.

«Я зразумеў, што далей проста зарабляць грошы мне нецікава. Пайшла рутына і аднолькавы маршрут. Захацелася пайсьці ў іншы бок», — кажа ён.

Праз фатаграфію, якой Максім займаецца больш за 10 гадоў, ён захапіўся дакумэнтальным кіно. У 2013-м ён пачаў вучыцца дакумэнталістыцы, а ў 2015 годзе паступіў у кінашколу Анджэя Вайды ў Варшаве. Адпаведна з вучэбным плянам студэнты паўгода робяць кароткамэтражны фільм на прапанаваную тэму, а яшчэ паўгода разьвіваюць уласны праект.


Максім Швед і польскі рэжысэр Анджэй Вайда

Максім Швед і польскі рэжысэр Анджэй Вайда


«Паступаў я з адной ідэяй, але ў працэсе страціў да яе інтарэс. Распавёў аднагрупнікам і выкладчыкам пра ЖЭС-арт, якім даўно захапляюся, і яны зацікавіліся».

Праект пра ЖЭС-арт спадабаўся ня толькі аднагрупнікам, але і Польскаму інстытуту кіно, які часткова прафінансаваў «Чыстае мастацтва».

«Хоць мы суседзі, але ў Польшчы мала ведаюць пра Беларусь. Ім было цікава даведацца пра нашу краіну ў фармаце дакумэнтальнага кіно», — кажа Максім Швед.

ЖЭС-арт — прадукт чысьціні і парадку

ЖЭС-артам, альбо камунальным мастацтвам, жартаўліва называюць творчасьць камунальных службаў: лебедзяў з шын, пальмы з плястыку, фарбаваныя камяні і квадраты замаляваных графіці.


Зафарбаваныя графіці на вуліцах Менску

Зафарбаваныя графіці на вуліцах Менску







Ёсьць у гэтай зьявы і больш сур’ёзнае вымярэньне. Супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музэю Вольга Архіпава яшчэ ў 2011 годзе ўвяла ў навуковы ўжытак тэрмін «фундамэнтальны супрэматызм» — фупрэматызм.

«Тое, што робяць нашыя камунальнікі, у некаторай ступені падобна да твораў Малевіча — вынаходніка супрэматызму, — усьміхаецца Максім Швед. — Малевіч марыў, што любы чалавек можа стаць мастаком, а горад будуць упрыгожваць супрэматычныя кампазыцыі».






Максім ужо каля пяці гадоў зьбірае фатаздымкі графіці, якія беларускія камунальныя службы ўпарта замалёўваюць. Свае здабыткі ён выкладвае ў Facebook-суполку.

Ягоная ініцыятыва не адзіная ў Беларусі. ЖЭС-арт друкуецца ў мастацкіх часопісах, праходзяць прысьвечаныя яму выставы. У пачатку 2000-х Алег Юшко зрабіў праект Implication, які паказвалі ў Нью-Ёрку, Сяргей Гудзілін прысьвяціў гэтай зьяве фотапраект No words.






Швед хацеў паказаць Беларусь, але абысьціся без клішэ «апошняя дыктатура Эўропы». Ягоны фільм прапануе гледачам дасьледаваць распаўсюджаны ў Беларусі арт-фэномэн, які выразна кажа пра мэнтальнасьць беларусаў.

«ЖЭС-арт — прадукт чысьціні і парадку, жаданьня стэрылізаваць і цэнзураваць незнаёмае і адметнае. Гэта ідэалягічныя ўстаноўкі накшталт „вы ж самі ўсё разумееце“, якія праяўляюцца ў выглядзе квадратаў на сьценах нашых гарадоў», — сьцьвярджае рэжысэр.

Пра што фільм

Цэнтральная фігура фільму — мастак-абстракцыяніст Захар Кудзін. Для яго ЖЭС-арт — аб’ект натхненьня. Сюжэт фільму гуртуецца вакол размоваў мінакоў, якія назіраюць за мастаком на пленэры і спрабуюць зразумець: навошта ён малюе геамэтрычныя фігуры?


Захар Кудзін, мастак і галоўны герой фільму

Захар Кудзін, мастак і галоўны герой фільму


Апроч мастака, у фільме «Чыстае мастацтва» ёсьць супрацоўніцы камунальных службаў Зіна і Іна. Яны працуюць маляркамі і штодзённа замалёўваюць сьцены гораду.

«Усе героі завязаныя паміж сабой у клубок узаемадзеяньняў, які разблытваецца на працягу фільму і мае даволі непрадказальны фінал. Спадзяюся, мне ўдалося ня толькі распавесьці пра мастацкую зьяву, але і перадаць атмасфэру сучаснага Менску», — кажа рэжысэр.


Здымкі фільму ў Менску

Здымкі фільму ў Менску


Распрацоўка фільму расьцягнулася на чатыры гады. Непасрэдна здымкі занялі 25 дзён зь ліпеня па кастрычнік 2017 году. Пераклад на польскую мову і мантаж цягнуліся ўвесь 2018 год. Шмат часу заняла камунікацыя ў праекце і вандроўкі. Толькі ў Польшчу Максім езьдзіў больш за 15 разоў.


Частка каманды, якая працавала над фільмам

Частка каманды, якая працавала над фільмам


Паводле Максіма Шведа, польскую частку каманды ўвесь час нешта ўражвала ў Беларусі. Падчас чарговых здымак на вуліцы да рэжысэра і апэратара падышоў міліцыянт. Яны распавялі, што здымаюць фільм пра чысьціню ў горадзе — і ў таго адпалі ўсе пытаньні.

«Польскі апэратар быў шакаваны. Ён сказаў, што здымаць фільм пра чысьціню — гэта абсурд, нібыта здымаць фільм пра паветра. Але ў Беларусі чысьціня — зразумелы канцэпт, і фільмы пра яе лішніх пытаньняў не выклікаюць», — сьмяецца Максім.


Праца над мантажом «Чыстага мастацтва»

Праца над мантажом «Чыстага мастацтва»


«Кракаўскі кінафэстываль — гэта зьдзейсьненая мара»

Польскія прадусары «Чыстага мастацтва» адправілі стужку на Кракаўскі фэстываль, які стартуе 26 траўня. Фільм спадабаўся журы і трапіў у конкурсную праграму.

«Кракаўскі кінафэстываль — адзін з найстарэйшых у Эўропе, адзін з найбольш прэстыжных у Польшчы. Трапіць туды з дэбютам, разам з мастадонтамі эўрапейскага кіно — вельмі пачэсна. Можна сказаць, мара ажыцьцявілася», — прызнаецца Максім Швед.


Кадар зь фільму

Кадар зь фільму


Але, нягледзячы на гэты посьпех, Максім ня ўпэўнены, што будзе далей працаваць як дакумэнталіст.

«Каб увасобіць сваё бачаньне, трэба самому гарэць, запальваць іншых і рабіць гэта ўвесь час. Гэта вымагае шмат энэргіі. Цяпер у маім жыцьці няма той жарсьці, каб рухацца ў гэтым напрамку далей. Я ня той чалавек, які трымаецца за нейкую адну магчымасьць. Мне цікава дасьледаваць гэты сьвет. А кіно — толькі адзін са шляхоў яго пазнаньня».


Кадар зь фільму

Кадар зь фільму


Стала вядома, колькі кніг выйшла ў Беларусі ў 2018 годзе на беларускай мове

$
0
0
Летась у Беларусі выпусцілі 9,7 тысячы кніг і брашур агульным тыражом 25,6 млн асобнікаў. Пры гэтым 72,3% тыражу выйшла на рускай мове (7,5 тысячы кніг і брашур), 16,7% — на беларускай (1323 кнігі і брашуры), паведамляе Белстат.

У гэтым аб'ёме лідзіруе вучэбная літаратура — 31,1% ад агульнага тыражу. На навуковыя і навукова-папулярныя выданні прыйшлося 19,5%, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, навучальныя праграмы — 18,4%. У той жа час тыраж літаратурна-мастацкіх выданняў у мінулым годзе ў агульным аб'ёме склаў 6,9%, выданняў для дзяцей і юнацтва — 7,7%.

Летась у Беларусі выпусцілі 824 часопісы і іншыя перыядычныя выданні гадавым тыражом 38 мільёнаў асобнікаў. З іх на рускай мове выдалі 693 часопісы, на беларускай — 123.

nn.by

У Горках зрабілі лесвіцу-вышыванку (фота)

$
0
0

У цэнтры Горак на вуліцы Якубоўскага з'явіўся першы ў горадзе арт-аб'ект. Лесвіца, па якой штодня праходзяць сотні людзей, цяпер упрыгожана беларускім арнаментам.

lesvica_1.jpg

lesvica_2.jpg

lesvica_3.jpg

lesvica_4.jpg

lesvica_5.jpg

Лесвіцу пачалі расфарбоўваць 3 мая. Цяпер яна поўнасцю гатова.

Фота: Валерыя Прыгарына, horki.info

Так гучыць сучасны беларускі рэп — гурт Gleboki Smak выпусціў дэбютны альбом і кліп

$
0
0

Альбом пераможцы фрыстайл-батла Street Awards 2011 атрымаў назву «Drenny ton». Усе дзесяць трэкаў — сучасны беларускі рэп.

Гэта першы афіцыйны рэліз з 2013 года. Апошнія 5 гадоў ішла праца над голасам, тэкстамі і рэчытатывам.

Кліп на песню "Цыганка":

Рэжысёр кліпа: Gleboki Smak 
Аператар: Ягор Яфімаў 
Мантаж: Аня Гошка
У галоўных ролях: Магдалена Квяткоўска, Эма Хамутова, Іна Грабарэнка, Марцін Банасяк, Улад Каваленка, Глеб Дварцоў, Яўген Кузьменка, Gleboki Smak

Дарэчы, да працы над альбомам далучыліся рэперы «Muzaskat» і «Speaker Trey».

NN.by

Прэзентацыя кнігі "Творы"Палуты Бадуновай” – 11 мая

$
0
0

11 мая 2019  ў 17.00 Літаратурны музей Максіма Багдановіча (Мінск, вул. М.Багдановіча, д. 7а) запрашае ўсіх на прэзентацыю кнігі "Творы" Палуты Бадуновай”. Укладальнік кнігі –др. Уладзіслаў Гарбацкі, выкладчык ЕГУ (Вільня). "Творы"з’явіліся ў Вільні ў выдавецтве GuduKulturos Draugija Lietuvoje (Таварыства беларускай культуры ў Літве).


У кнігу ўключаныя вядомыя і ўпершыню друкаваныя творы дзяячкі і пісьменніцы, а таксама перавыдадзеныя казкі, якія ў 20-ых гадах мінулага стагоддзя пераклала Цётка Палута. А таму кніга будзе цікавая як дарослым, так і дзецям. 

Кніга распачынае новую серыю "Гендарная БНР”, бо закранае пытанне роўнасці жаночага і мужчынскага, часцяком нябачнага ці маргінальнага жаночага палітычнага. Новая серыя, такім парадкам, звяртае ўвагу чытацтва як на постаць першай беларускі на палітычным алімпе, так і на гендарны аналіз рэчаіснасці наагул.

Вяртанне мастацкай і публіцыстычнай спадчыны палітычнай дзяячкі, першай беларускай міністаркі, адной з лідарак эсэраў, - гэта, нарэшце, спраўджванне мары Палуты Бадуновай - стаць пісьменніцай.

Паводле прэс-рэлізу

Маркет-фестываль "Ежа"запрашае маладых мастакоў да ўдзелу. Дэдлайн падачы заявак – 20 мая

$
0
0

«ЕЖА» — гэта праект, створаны для папулярызацыі і дэмакратызацыі сучаснай беларускай графікі.


Мы хацім прадаваць і пакупаць крутыя работы маладых мастакоў, хацім, каб добрая і дзерзкая графіка засяляла кватэры, бары і офісы, а мастакі атрымлівалі фінансавую матывацыю працягваць і рабіцца мацней.

На маркеце збяруцца работы розных аўтараў з фіксаваным коштам — ад 20 да 60 беларускіх рублёў. Мы палічылі, што такая разбежка дазволіць наведвальнім маркета займець актуальнае мастацтва сабе на сцяну без значнай шкоды сямейнаму бюджэту, але пазнаеміць з мастакамі і дасьць нагоду для класнай творчай тусы.

Зараз мы збіраем заяўкі для ўдзелу. Мы можам размясьціць 30 удзельнікаў (стол+стэнд).

Кошт удзелу — 40 BYN. Аплату неабходна правесці да 20 чэрвеня.

Заяўкі прымаюцца да 20 траўня. Вынікі будуць абвешчаны 1 чэрвеня.

Заяўка для мастакоў ТУТ.

Набывайце мастацтва, гэта весела і вельмі важна для мастакоў!

Падзея ў Facebook.

Паводле арганізатараў


Дрэвы, жыта і роварная стаянка: некалькі ідэй для праспекта Леніна ў Гомелі

$
0
0

Урбаністычная ініцыятыва “Smart Homel” прапануе некалькіх цікавых ідэй як зрабіць больш камфортным і прывабным праспект Леніна ў Гомелі.

1. Praspekt Lenina Homel Trees.jpg

На думку аўтараў зараз тэрыторыя ўздоўж праспекта Леніна каля гомельскага аблвыканкама мала чым вылучаецца і з’яўляецца не самым камфортным месцам: шумная і загружаная вуліца, на якой адсутнічаюць дрэвы, а візуальна няма за што зачапіцца.

Хоць за апошнія месяцы ў горадзе было высаджана шмат новых зялёных насаджэнняў, але перш-наперш вяртаць іх трэба на вуліцы цэнтра нашага горада. Яны ствараюць неабходную гараджанам утульнасць, даюць цень улетку, дадатковую абарону ад ветру, пылу і шуму. На жаль за апошняе дзесяцігоддзе з гэтага кавалка праспекта Леніна зніклі амаль усе дрэвы.

2. Praspekt Lenina NO TREES.JPG

На ўчастку ад плошчы Леніна да вул. Інтэрнацыянальнай засталося толькі 3 маленькіх дрэўцы. Усе астатнія – былі ліквідаваныя, а лункі ад іх (дзе патэнцыйна можна было б высадзіць новыя расліны) – закладзеныя пліткай.

“Магчыма цяпер будынак аблвыканкама і выглядае нібыта толькі што збудаваны, але адна справа – фота для паштоўкі, а зусім іншая – клопат пра гараджан. Таму я лічу, што нашым уладам варта задумацца над прыярытэтамі. У дадзеным выпадку, проста размесціўшы тут нармалёвыя шматгадовыя дрэвы, для высадкі якіх у камунальных службаў горада ёсць неабходная тэхніка, можна ў разы падвысіць прывабнасць і камфортнасць праспекта”,— адзначае кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы “Smart HomelЯўген Меркіс.

3. Praspekt Lenina Homel Trees 2.jpg

Вядома, што горад над Сожам штогод багата ўпрыгожваюць высаджанымі кветкамі, але іх разнастайнасць, а галоўнае адметнасць пакідаюць жадаць лепшага.

“Мы вырашылі прыглядзецца да старых бетонных кветнікаў, якія знаходзяцца на гэтым кавалку праспекта. Тут ёсць два нестандартных тыпы, у якія звычайна высаджваюць нейкія аксаміткі ці іншыя кветкі. А мы прапаноўваем высадзіць тут валошкі або жыта, бо лічым, што гэта глядзелася б сапраўды незвычайна. Да таго ж гэта нашыя нацыянальныя сімвалы і такога ў цэнтры іншых беларускіх гарадоў сапраўды няма. Наш горад пры рэалізацыі такой не надта дарагой ідэі дакладна выйграў бы!”,— лічыць аўтар візуалізацый Ганна Дудашэнка

4. Praspekt Lenina OLD.JPG

5. Praspekt Lenina Homel Plants.jpg

6. Praspekt Lenina Homel Plants 2.jpg

7. Praspekt Lenina for plants.JPG

На магчымасць высадкі жыта ў цэнтры горада звярнуў увагу ініцыятыўных гомельцаў Ігар Корзун — актывіст грамадскай кампаніі «Гарадскі Ляснічы». Падчас свайго візіту ў Гомель ён прывёў у прыклад Вільню, дзе падобная ідэя, хай і ў трохі іншым выглядзе была рэалізаваная некалькі год таму.

8. Vilnia.jpg

Актывісты “Smart Homel” прапаноўваюць пераглядзець і каляровае афармленне размешчаных на праспекце слупоў.

9. Homel Lampost OLD.jpg

“На ніжняй частцы кожнага з іх месцяцца цікавыя ўзоры — гэта аб’ёмныя выявы з металу, якія, на жаль, штогод пакрываюць усё новым і новым слоем шэрай фарбы,— адзначае Ганна Дудашэнка. — У выніку створаная майстрамі прыгажосць абсалютова губляецца. Мы вырашылі акцэнтаваць гэтыя фігуры з дапамогай лагодных колераў. Так гэтыя выявы не будуць рэзаць вочы сваёй яскравасцю, але дакладна зробяць выгляд усяго праспекта больш вытанчаным і стылёвым”.

10. Homel Lampost White.jpg

11. Homel Lampost Yellow.jpg

12. Homel Lampost Part.jpg

Варта адзначыць, што падобнае рашэнне з расфарбоўваннем узораў на слупах можна сустрэць і ў Мінску.

13. Minsk. Аўтар фота - Сяргей Гудзілін Сергей Гудилин.jpg

Minsk. Аўтар фота - Сяргей Гудзілін 

14. Dublin.jpg

Расфарбаваны герб Дубліна на ліхтары.

Акрамя таго актывісты ўрбаністычнай ініцыятывы “Smart Homel” звяртаюць увагу на занадта звужаны на карысць аўто тратуар каля Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці (пр-т Леніна, 6).

15. Cars Praspekt Lenina.JPG

“Калі б аўтамабілям тут пакінулі права паркавацца толькі паралельна тратуару, то камфортнасць перасоўвання для пешаходаў і раварыстаў дакладна падвысілася б,— лічыць Яўген Меркіс. — А прадстаўляючы бясплатныя парковачныя месцы горад толькі стымулюе людзей перасоўвацца па ім толькі на аўтамабілі, што ў выніку стварае заторы на нашых вуліцах і прыводзіць да негарманічнага развіцця горада”.

На думку ўрбаністаў побач з гомельскім аблвыканкамам мае нарэшце з’явіцца і нармалёвая стаянка для ровараў. Бо пакуль што чыноўнікі толькі дэкларуюць аб сваёй прыхільнасці да роварнага транспарта ў горадзе і вобласці, але побач са сваім працоўным месцам дагэтуль не ўстанавілі аніводнага месца, дзе б карыстальнікі ровара маглі прыпаркавацца.

16. Rovar.jpg

У бліжэйшы час актывісты збіраюцца данесці гэтыя ідэі да кіраўніцтва горада і спадзяюцца на станоўчы адказ.

Даведка:

Урбаністычная ініцыятыва “Smart Homel” існуе ў Гомелі з 2016 г. У мэтах ініцыятывы – спрыянне грамадскай актыўнасці ў горадзе, аб’яднанне актыўных гараджан для вырашэння гарадскіх праблем, а таксама стварэнне ідэй і праектаў, якія дапамогуць зрабіць горад лепей і камфортней.

Кантакты:

Яўген Меркіс, караўнік урбаністычнай ініцыятывы “Smart Homel”

+375 44 7494166


Фестываль “Кіламетр грамадскай актыўнасці” шукае ўдзельнікаў сярод грамадскіх актывістаў!

$
0
0

“Кіламетр грамадскай актыўнасці” – фэст для тых, хто ўмее пераадольваць дыстанцыі.


1 чэрвеня прастора ОК16 (Менск, вул. Кастрычніцкая, 16) адчыніць свае дзверы для “Кіламетра грамадскай актыўнасці”. На фэсце ты пазнаёмішся з беларускімі грамадскімі арганізацыямі і актывістамі.

З 13:00 да 20:00 на адкрытай пляцоўцы і ў залях ОК 16 будуць праходзіць лекцыі, майстар-класы, дыскусіі ад розных арганізацыяў і экспертаў на тэмы экалогіі, гендара, смяротнага пакарання, правоў чалавека, мовы і культуры.

Падчас фэста будзе дзейнічаць Фры-Маркет і Жывая Бібліятэка. Гасцям імпрэзы прапануецца паўдзельнічаць у захапляльным квэсце.

Напрыканцы ўдзельнікаў і гасцей фэста чакае музычны выступ беларускага гурта AKUTE.

Паводле арганізатараў

Да 115-годдзя Паўлюка Труса. Верш пра сустрэчу марсіяніна і піянера

$
0
0

Сёння, 6 мая, спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння паэта Паўлюка Труса (Павел Адамовіч Трус; 1904—1929).

Ураджэнец Уздзенскага раёна, ён ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як адзін з ініцыятараў стварэння літаратурнага аб'яднання «Маладняк».

Памёр 30 жніўня 1929 году ад брушнога тыфу. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.

З яго літаратурнай спадчыны, якую прыгадвае сёння Радыё Свабода, працытуем наіўныя, але, напэўна, характэрныя для той пары вершы пра сустрэчу марсіяніна з савецкім піянерам.

Заснуў, і сьніцца піонэру:
Паўзе далінаю туман,
А у тумане цёмна-шэрым
На Марс імчыцца яраплян.

І вось насустрач піонэру —
Дзікар плянэтнае красы,
Спужаўся хлопца, не паверыў…
Аж дыбам сталі валасы.

Пропэльлер рогатам рагоча,
Мотор раве драпежным зьверам,
А вецер, вецер плюшчыць вочы, —
На землю мчыцца піонэр.

Паўлюк Трус. Здарэньне зь піонэрам у лягэрах / Збор твораў. Менск, 1934.



«Гэта была наша „ўнутраная эміграцыя“». Як за 40 год сабраць калекцыю з 3000 вінілавых кружэлак

$
0
0

Больш за 40 гадоў шавец з Магілёва Марат Раскін зьбірае вінілавыя кружэлкі. Падлеткам ён захапіўся «заходняй рок-музыкай». Гэтае хобі стала для яго «ўнутранай эміграцыяй» ад савецкага жыцьця, поўнага забарон і абмежаваньняў. Тагачасныя рэаліі супярэчылі ягонай празе пазнаньня новага.

Марат Раскін апавядае Свабодзепра сваё хобі, асаблівасьці набыцьця кружэлак з «заходняй музыкай» у Савецкім Саюзе, адметнасьці беларускай эстрады таго часу і музычныя сымпатыі «савецкага мэлямана».

Сьцісла пра Марата Раскіна

  • 57 гадоў. Нарадзіўся ў Магілёве.
  • Індывідуальны прадпрымальнік. 40 гадоў рамантуе абутак. Мае сваю майстэрню.
  • Любіць чытаць пра гісторыю музыкі.
  • Калекцыянаваньне вінілавых кружэлак тлумачыць наступствам нязьдзейсьненай мары маладосьці слухаць упадабанае.
  • Першую кружэлку набыў у 14 гадоў за грошы ад сабраных бутэлек.

Савецкі мэляман — гэта «крыху дысыдэнт»

У 1974 годзе Марат паслухаў у сябра на магнітафоне рок-опэру ангельскага кампазытара Эндру Лойда Ўэбэра «Ісус Хрыстос — супэрзорка» — і «пачутае ўразіла».

Ад таго часу ён пачаў зьбіраць кружэлкі і запісы рок-гуртоў на магнітафонных бабінах. Упадабаную музыку шукаў на хвалях, «варожых» для ідэолягаў Савецкага Саюзу — «Голас Амэрыкі», Радыё BBC, Радыё Люксэмбург.

Марат кажа, што ягоныя раўналеткі не маглі адкрыта слухаць і набываць тое, што падабалася, таму «жылі ў сваім сьвеце» і адчувалі сябе «крыху дысыдэнтамі».

Альбом аднаго з улюбёных «заходніх» рок-гуртоў Марата Раскіна — Arthur Brown’s Kingdom Come

Альбом аднаго з улюбёных «заходніх» рок-гуртоў Марата Раскіна — Arthur Brown’s Kingdom Come

«Гэта была наша „унутраная эміграцыя“. Магчымасьці выехаць за мяжу ў нас не было. Мы хадзілі на замежныя фільмы і бачылі, наколькі адрозьніваецца савецкае жыцьцё ад заходняга. Мы адчувалі, што там людзі больш свабодныя і разьняволеныя», — кажа ён.

Па яго словах, «заходнюю музыку» гралі на танцпляцоўках. Ён часьцяком хадзіў на «пятакі» (агароджаныя пляцоўкі з подыюмам. — РС), каб паслухаць жыўцом музычныя навінкі.

«Самадзейныя гурты на танцавальных пляцоўках пачувалі сябе даволі вольна. Якасьць выкананьня імі кампазыцыяў, зразумела, была не найлепшая, але быў кураж, энэргія, уласьцівая рок-музыцы», — кажа Марат.

«Заходнюю музыку» слухалі ў войсках стратэгічнага прызначэньня

У Маратавай калекцыі блізу трох тысяч кружэлак з запісамі сотняў музыкаў. Самымі каштоўнымі ён лічыць «першапрэсы» (запісы, зробленыя зь першай матрыцы абмежаваным накладам). На іх найлепшая якасьць гучаньня.

Сваю фанатэку Марат дзеліць на:

  • «фірмовыя кружэлкі», выдадзеныя на «Захадзе»;
  • «дэмакратаў» — кружэлкі з краін былога сацыялістычнага лягера;
  • савецкую эстраду — кружэлкі ўсесаюзнай студыі гуказапісу «Мелодия».

Першую «фірмовую» кружэлку ён набыў у 1976 годзе за 50 савецкіх рублёў (палова сярэднемесячнага заробку беларуса таго часу. — РС). На ёй запісаны альбом Pictures at an Exhibition з апрацаванымі брытанскім рок-гуртом Emerson, Lake & Palmer творамі Мадэста Мусаргскага. Кружэлка пабачыла сьвет у 1971 годзе.

Першая набытая Маратам Раскіным «фірмовая» кружэлка — Pictures at an Exhibition

Першая набытая Маратам Раскіным «фірмовая» кружэлка — Pictures at an Exhibition

«Дзякуючы ёй я захапіўся клясычнай музыкай і ледзьве не адразу пабег у бібліятэку, каб болей даведацца пра яе», — згадвае Марат. І ўсё ж, дадае ён, «рок-апрацоўка твораў Мусаргскага была мне бліжэйшая».

Пры канцы 1970-х Марат быў фанатам амэрыканскага гурту Kansas. Пра тагачаснае музычнае захапленьне нагадвае татуіроўка. Яе зрабіў у войску. Служыў ён у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня. У ягонай частцы была суполка аматараў замежнай музыкі, якую слухалі ў радыёвузьле на магнітафоне.

«Савецкія ВІА капіявалі заходнюю рок-музыку, але выходзіла прычасана»

Марат кажа, што валодае кружэлкамі, якія ў асяродзьдзі калекцыянэраў лічацца асабліва каштоўнымі. Напрыклад, з запісамі амэрыканскіх джазмэнаў Джэры Малігана ды Пола Дэзманда пачатку 1960-х.

Кружэлка з альбомам «малавядомага рок-гурту» Second Hand

Кружэлка з альбомам «малавядомага рок-гурту» Second Hand

Таксама мае арыгінальныя кружэлкі з альбомамі ангельскіх гуртоў The Beatles,Led Zeppelin, Pink Floyd, King Crimson, Arthur Brown’s Kingdom Come, Second Hand.

У маладосьці суразмоўца асабліва не зьвяртаў увагі на савецкія вакальна-інструмэнтальныя ансамблі, бо лічыў іх «афіцыёзам».

«Некаторыя ВІА спрабавалі капіяваць заходняе, але выходзіла ў іх дужа прычасана», — адзначае ён.

Як «фірмовыя» кружэлкі траплялі ў Беларусь?

Запісы на вініле Марат набываў у сваіх знаёмцаў. Ім кружэлкі прысылалі сваякі з-за мяжы. Купляў музычныя навінкі і ў тых, хто «хіпаваў» па Савецкім Саюзе. Ён сымпатызаваў руху хіпі, але так і не наважыўся ўліцца ў яго.

Прывозілі кружэлкі і самі замежнікі, якія працавалі ці вучыліся ў Беларусі. Па словах Марата, нямала «вінілу» трапляла з «сацыялістычных» краінаў. Лідэрам была Югаславія.

У калекцыі Марата Раскіна вялікі збор кружэлак з запісамі джазавай музыкі. У руках трымае альбом джазмэна Gerry Mulligan

У калекцыі Марата Раскіна вялікі збор кружэлак з запісамі джазавай музыкі. У руках трымае альбом джазмэна Gerry Mulligan

«Югаславы рабілі копіі адзін ад аднаго зь „фірмовымі“ кружэлкамі. Якасьць іхнай прадукцыі была горшая за заходнія аналягі, але каштавалі яны напалову таньней, чым „фірмовыя“», — тлумачыць суразмоўца.

«Вінілавы бізнэс» у Савецкім Саюзе

Вядома ж, продаж кружэлак быў нелегальным бізнэсам, кажа Марат. Тыя, хто «прафэсійна» ім займаўся, «няблага зараблялі». Ахвотныя мець у сваёй фанатэцы навінкі перазапісвалі кружэлкі на магнітафоны. Перазапіс каштаваў 3–5 рублёў. Для 1970-х гэта былі вялікія грошы. Бабінная катушка з запісам альбома папулярнага заходняга гурту каштавала 15 рублёў.

Марат кажа, што ў той час мэлямана можна было пазнаць на вуліцы па квадратным загорнутым у паперу пакунку пад пахай.

Марат Раскін у сваёй абутковай майстэрні

Марат Раскін у сваёй абутковай майстэрні

«Так насілі кружэлкі, — кажа ён. — Выстаўляць іх адкрыта напаказ было небясьпечна, бо мэляманам маглі зацікавіцца адпаведныя органы».

Марату вядомыя выпадкі, калі ў гандляроў замежнай музыкай кралі іхны скарб — кружэлкі.

Па яго словах, у Савецкім Саюзе існаваў сьпіс заходніх рок-гуртоў ці асобных іхніх кампазыцыяў, якія лічыліся забароненымі. У яго, напрыклад, была залучаная амэрыканская каманда Kiss. Яе савецкія ідэолягі ўважалі за нацысцкую. Разам з тым Марат адзначае, што некаторыя кампазыцыі гурту з альбому Destroyer (1976 году) граліся на танцах.

«„Песьняры“ адкрылі беларусам іх край»

У Маратавай калекцыі ўсе альбомы «Песьняроў». Ён кажа: іхная музыка адпачатку была самабытная і гэтым прыцягвала да сябе ўвагу мэляманаў. Песьні калектыву сьпявала моладзь у дварах.

«Творчасьць „Песьняроў“ для многіх беларусаў адкрыла край, у якім яны жылі. Беларушчына ў іхніх песьнях настолькі арганічная, што ёю ганарыліся», — згадвае Марат.

Адной з самых папулярных у часы маладосьці суразмоўцы была расейскамоўная кампазыцыя «Песьняроў» на словы ўкраінскага паэта Юрыя Рубчынскага «Крик птицы». Марат кажа, што яна выконвалася ў «заходнім стылі».

Кружэлка зь першым альбомам «Песьняроў» — «Ты мне вясною прысьнілася»

Кружэлка зь першым альбомам «Песьняроў» — «Ты мне вясною прысьнілася»

«Уладзімер Мулявін сьпяваў яе дужа пранікнёна, да дрыготкі, да сьлёз», — кажа Марат. Паводле яго, першы канцэртны варыянт песьні адрозьніваўся ад студыйнага запісу, «прычасанага цэнзурай».

Па словах суразмоўцы, у калекцыянэраў на Захадзе дужа цэняцца запісы «Песьняроў» на вінілавых кружэлках. Альбомы «Гусьляр» (1980) і «Через всю войну» (1984) купляюць з задавальненьнем. Добра ідзе і першы альбом «Песьняроў» — «Ты мне вясною прысьнілася» (1971).

Час ад часу Марат праслухоўвае кружэлкі з сваёй калекцыі, музыка на якіх яму ня дужа спадабалася зь першага разу. Некаторыя запісы «паглынаюць» яго праз пэўны час. Так сталася з музыкай жаночага калектыву «Чараўніцы», да якой суразмоўца «дарос».

«У іх якасная музыка. Цудоўны запіс. Добрая аранжыроўка і сыгранасьць...», — кажа ён.

Паводле яго, шукаюць калекцыянэры вінілу і кружэлку гурту «Уліс» з альбомам «Чужаніца», бо «яна дужа рэдкая». Яе запісалі на савецкай фірме «Мелодия» ў 1991 годзе.

Цяперашняму калекцыянэру вінілавых кружэлак за 50 гадоў

Марат ня лічыць сябе «заўзятым» мэляманам. Але ведае тых, хто спускае на рэдкія запісы апошнія грошы.

Суразмоўца ня грае на музычных інструмэнтах, хоць і жыве музыкай многія дзесяцігодзьдзі. Кажа, што яго захапляе «дасьледаваньне музыкі».

Марат Раскін

Марат Раскін

Паводле Марата, калекцыянэраў вінілу не прыбывае. Яшчэ дзесяць гадоў таму, кажа ён, у менскім Палацы культуры трактарнага заводу «было не праціснуцца ад ахвотных набыць запісы на вінілавым носьбіце». Цяпер жа сытуацыя зьмянілася. У невялікім пакоі прадаўцоў больш, чым пакупнікоў, а цэны на музыку завялікія.

Па словах суразмоўцы, сярэдні ўзрост беларускага калекцыянэра кружэлак — «за пяцьдзясят гадоў». Моладзі няшмат. Цяперашняе пакаленьне мэляманаў, кажа Марат, «ня бачыць розьніцы паміж гучаньнем музыкі на кружэлцы і на іншым носьбіце». На яго думку, «вініл» найпаўней перадае «натуральнае гучаньне акустычнай, джазавай, клясычнай музыкі».

Марат лічыць, што калекцыянаваньне вінілавых кружэлак ня зьнікне. Ён упэўнены, што гэты «занятак застанецца для абраных людзей».

Без дапамогі не абыйсціся. Ці гатовы Мінск да турыстаў з інваліднасцю?

$
0
0
Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў Офіс па правах людзей з інваліднасцю праводзіць маніторынг даступнасці інфраструктуры Мінска. Наколькі гарадскія аб’екты гатовыя да турыстаў з інваліднасцю? Разам з валанцёркай у інвалідным вазку і эксперткай у галіне інклюзіўнага турызму мы ацанілі даступнасць гатэлю «Арэна» ля адной са спартыўных пляцовак — «Чыжоўка-Арэны».



Даступны туалет і макушкі з-за стоек

Мікрараён Чыжоўка хоць і аддалены ад цэнтру, але мае некалькі важных турыстычных аб’ектаў: спартыўная арэна, дзе пройдзе частка спаборніцтваў Еўрагульняў, гатэль побач з ёй, заапарк.

Разам з эксперткай у галіне інклюзіўнага турызму Наталляй Барысенка-Клепач кіруемся ў будынак гатэлю, дзе нас ужо чакаюць валанцёрка Крысціна, а таксама галоўная гераіня маніторынгу Вольга Дзеравяга. Вольга перамяшчаецца ў інвалідным вазку, і ў прамым сэнсе на сабе выпрабоўвае ўсе элементы даступнасці.


Вольга Дзеравяга ля адзінай паніжанай стойкі ў гатэлі

Вольга Дзеравяга ля адзінай паніжанай стойкі ў гатэлі



Да нашага прыходу валанцёркам ужо паказалі банкетную залу на другім паверсе, цырульню і рэстаран у гатэлі. У цэлым даследчыцы засталіся задаволенымі: сталы ў банкетнай зале дазваляюць пад’ехаць вазку, вось толькі ў прыбіральні для людзей з інваліднасцю няма парэнчаў. Але цалкам прыстасаваны для людзей з дадатковымі патрэбамі санвузел ёсць на першым паверсе. Бадай, адзіная хіба ў гатэлі — высокія стойкі аховы і адміністрацыі: Вольга нават не змагла ўбачыць людзей, якія за імі сядзяць. Затое стойка ў гардэробе — паніжаная, і гэта плюс. 

Вестыбюль у гатэлі прасторны

Вестыбюль у гатэлі прасторны



Агулам на першым паверсе ў гатэлі ўсё даступна: шырокі вестыбюль, на сценах ёсць візуальная інфармацыя аб размяшчэнні тых ці іншых аб’ектаў (у ідэале было б добра прадугледзець і аўдыяінфармаванне), параметры лесвіцы адпавядаюць нормам. «Мы стараемся ўлічваць усе рэкамендацыі — у рэшце рэшт, гэта наш бізнес», — кажа супрацоўнік, які нас суправаджае.

Вольга не бачыць, хто сядзіць за стойкай аховы

Вольга не бачыць, хто сядзіць за стойкай аховы



Што праўда, нам не паказалі нумары, прыстасаваныя для пражывання людзей з інваліднасцю, спаслаўшыся на тое, што яны занятыя, і прапанавалі прыйсці паглядзець на іх праз некалькі дзён. Нам даводзіцца паверыць на слова.



Затрымліваемся на ўваходзе, каб памераць шырыню дзвярных праёмаў, тамбура і вышыню парогаў і дзвярных ручак — для людзей, якія перамяшчаюцца на вазках, гэта вельмі прынцыповыя моманты. Шырыня ўваходу зсярэдзіны аказваецца 86 см пры норме ў 90 см. Наталля Барысенка-Клепач кажа, што гэта — не крытычна, тым больш, што вазок Вольгі спакойна праходзіць у яго. Мераем вышыню ўнутранага парогу – 2 см пры дапушчальнай норме ў 2,5 см. Ручка размешчана на мятровай вышыні — гэта таксама норма. Адзінае, яе канструкцыя не вельмі зручная. А вось парог вонкавага ўваходу значна перавышае норму: цэлых 4 см.

Наталля і Вольга мераюць вышыню вонкавага парога

Наталля і Вольга мераюць вышыню вонкавага парога



 — Гэта крытычна для электравазкоў, таму што пры любым страсенні ў іх могуць разыйсціся кантакты, — тлумачыць Наталля Барысенка-Клепач. 

Да шырыні тамбура пытанняў у экспертаў не ўзнікае: яна адпавядае нормам. Як і да ганка: тут няма ніякіх павышэнняў і лесвіц, нават пандус непатрэбны, бо ўваход амаль роўны з зямлёй, калі не лічыць той самы парог у 4 см.



«Гэта проста нейкі аўтаслалам»

Адзін з галоўных крытэраў даступнага асяроддзя — яго неперарыўнасць. Гэта значыць, што на шляху ў чалавека (не толькі на інвалідным вазку, але і з кійком, проста сталага, стомленага, на абцасах альбо з дзіцячым вазком) не павінна быць ніякіх перашкод ад выхаду з дому да любога аб’екта, да якога ён накіроўваецца. Таму пры даследаванні даступнасці аб’екта маніторынг звычайна пачынаецца з найбліжэйшага да яго прыпынка грамадскага транспарту. І хоць паслядоўнасць нашага маніторынгу змянілася, мы ўсё роўна даследуем усе важныя элементы і шляхі падыходу да гатэлю. 



Раз мы ўжо ідзем у адваротным парадку, вырашаем даследаваць паркоўку для людзей з інваліднасцю. Як і мае быць, месцы тут пазначаныя адмысловай разметкай, пра саму паркоўку кіроўцаў таксама папярэджвае серыя дарожных знакаў. Адзінае, паміж парковачнымі месцамі няма разметкі, якая пазначае месца для пасадкі/высадкі пасажыраў у вазках. Але ў Беларусі такі абазначэнні ўвогуле рэдка сустракаюцца.

Каб памераць параметры стаянкі, валанцёркі выкарыстоўваюць як звычайную, так і лазерную рулеткі. Пры норме 3,5 м на 8 м, памеры нашай паркоўкі — 3,5 м на 9 м.

Разабраўшыся з паркоўкай, рушым да бліжэйшага прыпынка транспарту. Прылеглую да гатэля тэрыторыю ад яго аддзяляе выезд для машын, які не абазначаны пешаходным пераходам. І хоць перад выездам на праезную частку ёсць паніжэнне рэльефу, вышыня бардзюра пры ім усё роўна складае 3,5 см (норма, як мы памятаем, 2,5 см). А каб заехаць з дарогі на прылеглую да прыпынка тэрыторыю, трэба ўвогуле пераадолець 5,5 см бардзюра. Сам прыпынак мае месца для інваліднага вазка і шыльду з раскладам руху транспарту, пры гэтым ніякіх пазнак пра наяўнасць нізкапольных маршрутаў мы не знайшлі — верагодна, іх тут проста няма.


Паніжэнне ёсць, але бардзюр высокі

Паніжэнне ёсць, але бардзюр высокі



Гатэль, які мы даследуем, размешчаны на ўзгорку. Знізу, з супрацьлеглага ад прыпынку боку, да яго вядзе ўнушальных памераў пандус. Хоць з’езд на яго з тэрыторыі гатэлю паніжаны, Вольга Дзеравяга не можа самастойна пераадолець яго на вазку, і ёй даводзіцца дапамагчы. Аказваецца, вышыня «паніжанага» бардзюра складае 6 см! Вось такая даступнасць. А глянуўшы на сапраўды грандыёзны пандус даследчыцы не могуць стрымаць смеху. Па прасторным збудаванні адначасова могуць праехаць тры чалавекі на вазках, але ж гэта — парушэнне ўсіх нормаў. 




— Гэта проста нейкі аўтаслалам, зараз як пракоцімся! — жартуе Вольга.

— А вы не баіцеся? — непакоіцца Наталля.

Баяцца, насамрэч, ёсць чаго. Мала таго, што шырыня пандуса не дазваляе трымацца за парэнчы аберуч, ён мае вельмі круты ўхіл, а прамежкавыя пляцоўкі, прызначаныя для прыпынкаў і перадышкі, не роўныя, якімі павінны быць, а таксама нахіленыя. Да таго ж даўжыня пандуса не вытрымлівае ніякай крытыкі. Яна занадта вялікая — пандус не павінен быць такім доўгім. Але, калі зыходзіць з яго ўхілу, то — замалая. Таму не зразумела, чым кіраваліся людзі, якія спраектавалі гэтую канструкцыю.

Так-сяк спусціўшыся, Вольга робіць спробу ўзняцца па пандусе, трымаючыся адной рукой за парэнчы. Гэта даецца ёй з цяжкасцю. 

Падняцца па пандусе Вольга можа толькі спінай

Падняцца па пандусе Вольга можа толькі спінай



— У такіх выпадках, калі сустракаюцца крутыя пандусы, я толькі спінай магу ўздымацца, — кажа валанцёрка і тут жа дэманструе нам гэты спосаб. Атрымліваецца, сапраўды, хутчэй, але наўрад ці такі ўздым, калі не бачыш, куды едзеш, можна назваць бяспечным.

Не пандус, дык пад’ёмнік

Разабраўшыся з пандусам, рушым да апошняга пункта даследавання — падземнага пераходу. Пандус, пры дапамозе якога прапануецца спусціцца пад зямлю, таксама сканструяваны нейкім дзіўным чынам: колы Вользінага вазка правальваюцца ў шчыліну паміж платформай і нейкай незразумелай жалезнай рэйкай, прызначэнне якой для нас так і засталося загадкай. Такім чынам, спусціцца ў пераход звычайным спосабам аказалася немагчыма.

Кола вазка правальваецца

Кола вазка правальваецца



Відаць, зразумеўшы гэта, праекціроўшчыкі прадугледзелі на кожным з выхадаў з пераходу пад’ёмнік. Мае дасведчаныя калегі кажуць, што нават у тых пераходах, дзе яны ёсць, у большасці выпадкаў яны не працуюць. Але тут нас чакаў сюрпрыз: Вольга націснула на кнопку, і ліфт прыехаў. Вось толькі ўвайсці ў яго аказалася той яшчэ задачай. Максімум, на які мы змаглі адчыніць дзверы, — 63 см (нагадаю, норма шырыні дзвярнога праёму — 90 см), далей чамусьці замінала плітка на падлозе. Так-сяк Вользе ў вазку ўдалося праціснуцца ў пад’ёмнік. Я зайшла разам з ёй, і, шчыра кажучы, месца для нас дваіх у кабіне аказалася малавата (пасля замераў выявілася, што яго шырыня і глыбіня — 92 см на 120 см). Хаця, калі верыць пазнакам, яна разлічаная на трох чалавек. Каб выйсці з ліфта, нам абедзвюм давялося досыць моцна штурхаць дзверы.

Максімум, на які атрымалася адчыніць дзверы пад

Максімум, на які атрымалася адчыніць дзверы пад'ёмніка



Здзівіла, што ў такім вялікім пераходзе зусім няма ніякіх абазначэнняў (калі не лічыць пазнак пад’ёмнікаў па закутках). Як чалавеку зарыентавацца, дзе ён знаходзіцца і куды яму выходзіць, — загадка. 

У пераходзе ёсць толькі такія пазнакі

У пераходзе ёсць толькі такія пазнакі



З плюсоў — лесвіцы і пандусы, як і павінна быць, пазначаныя кантраснымі жоўтымі палоскамі. І яшчэ нам удалося знайсці больш-менш адпаведны нормам, хаця таксама не ідэальны, пандус усярэдзіне перахода. Мармуровае пакрыццё на ім было счышчана так, каб колы вазка не слізгалі. Праўда, ён аказаўся таксама зашырокі: 122 см замест нормы ў 90 — 100 см.

Амаль адпаведны нормам пандус — трэба сфатаграфаваць!

Амаль адпаведны нормам пандус — трэба сфатаграфаваць!



Парэнчы пандуса размяшчаюцца на ўзроўні 72 см ад зямлі, значыць, яго даўжыня, якая разлічваецца 1:10, павінна скласці 7 м 20 см. Мераем даўжыню — амаль так і ёсць: 7 м. Праўда, парэнчы, якія напачатку і напрыканцы пандуса павінны выступаць на 30 см, пачынаюцца і заканчваюцца роўна з ім. Але гэта ўжо — дробязі…

Такія шчыліны — таксама перашкода для людзей на вазках

Такія шчыліны — таксама перашкода для людзей на вазках



— У прынцыпе, збольшага гатэль і тэрыторыя вакол яго — даступныя, — падсумоўвае вынікі маніторынгу Вольга Дзеравяга. 

Бардзюры па 6 см — не рэдкасць

Бардзюры па 6 см — не рэдкасць



— Асноўная праблема ў тым, што паўсюль бардзюры. Там ёсць даступны кавалачак, тут кавалачак, але суцэльнай даступнасці няма, і без дапамогі чалавек з інваліднасцю абыйсціся не можа, — кажа Наталля Барысенка-Клепач. — Але гэта лепш, чым нічога, і лепш, чым шмат у якіх іншых турыстычных месцах. У гатэлі ёсць санвузел для людзей з інваліднасцю, і платформа ў пераходзе працуе. Праблемы з пандусамі і бардзюрамі — бо іх не тэставалі, таму не ведаюць, што з імі нешта не так. Але адміністрацыя гатэлю пайшла нам насустрач. Мы дадзім ім рэкамендацыі, і ёсць спадзеў, што яны нешта зменяць.

«Паніжаны» бардзюр аказаўся вышынёй у 6 см 

«Паніжаны» бардзюр аказаўся вышынёй у 6 см 

Дзіяна Серадзюк, Новы Час

Беларусы выбралі самы добры сайт

$
0
0
Інтэрнэт-рэсурс пра птушку трапічнага паходжання абышоў дзясятак моцных сацыяльных праектаў. Такі вынік конкурсу "Дбай: інтэрнэт людзей", які вось ужо другі год да дня нараджэння нацыянальнага дамена .BY праводзіць hoster.by. Яго мэта – расказаць пра сапраўды добрыя і карысныя сайты, якія робяць беларускі інтэрнэт лепш і не зарабляюць на гэтым.


З чатырохсот прапанаваных беларусамі сайтаў былі адабраныя 12 удзельнікаў, якія ў сакавіку з'явіліся на рэсурсе d24.by. За два месяцы яны атрымалі больш за 8,5 тысяч галасоў. У лідарах – сайт пра выратаванне сіняй птушкі.

Выявілася, што на тэрыторыі Беларусі засталося ўсяго 10 ці 20 пар сівагракоў, а яшчэ 50 гадоў таму іх было ў 1000 разоў больш. Гэта неверагодна прыгожая яркая птушка трапічнага паходжання, якая прылятае ў наш край усяго на тры месяцы на год і выглядае іншапланецянкай сярод беларускіх птушак. Да таго ж, выводзіць малых яна менавіта тут, а потым ляціць на зімоўку на іншы канец планеты ў Цэнтральную і Паўднёвую Афрыку.

Праект sizovoronka.by створаны па ініцыятыве навуковага супрацоўніка лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Максіма Тарантовіча. Ён прысвяціў вывучэнню сіваграка 10 гадоў свайго жыцця і, мабыць, лепш за ўсіх у краіне ведае асноўныя фактары пагрозы. Галоўная задача па выратаванні папуляцыі на сённяшні момант – гэта інфармаванне людзей аб рэдкай птушцы і атрыманне зваротнай сувязі аб месцах гнездавання, каб не даць віду знікнуць з нашых краёў назаўжды.

“Акрамя ідэі ў сайта выдатная рэалізацыя, – адзначае PR-менеджар праекта “Дбай” Вольга Кузеева. – Раздзелы пра саму птушку, праблемы віда і меры па выратаванні структураваныя вельмі добра. Цудоўныя ілюстрацыі, простая падача, версія на беларускай мове. Думаю, гэта таксама адыграла сваю ролю ў размеркаванні галасоў. Гэта добры прыклад таго, як да ідэі можна прыцягнуць увагу і даць дакладныя інструкцыі. Каштоўнасць праекта ў тым, што некалькі маленечкіх птушак змаглі зрабіць не толькі беларускі інтэрнэт, але і нас з вамі крыху лепш”.

Другое месца заняў рэсурс, важнасць якога для грамадства цяжка пераацаніць. Гэта першы ў краіне партал для бацькоў неданошаных малых rano.by. На сайце знаходзіцца вельмі каштоўная прафесійная база ведаў – магчымасць атрымаць інфармацыйную і псіхалагічную дапамогу ў няпростай сітуацыі.


У пяцёрку лідараў таксама ўвайшлі:

— Цэнтр падтрымкі ўсынавiцеляў, апекуноў і дзяцей-сірот rodnye.by;

— Грамадзянскі партал ваколица.бел, які ўжо паспелі назваць “вясковым Citydog-ам”;

— Інтэрактыўная мапа станаўлення Беларусі map.letapis.by – адзін з любімых праектаў арганізатараў па іх жа прызнанні.

Конкурс з'яўляецца ініцыятывай hoster.by – воблачнага хостынг-правайдэра, які падтрымлівае працу нацыянальных даменных зон .BY і .БЕЛ. Конкурсам праект можна назваць толькі ўмоўна. Арганізатары падкрэсліваюць, што галасаванне служыць не для спаборніцтва, а лепшага разумення, якія сайты беларусы лічаць цікавымі і сапраўды карыснымі. Інфармацыйную і хостынг-падтрымку атрымліваюць усе без выключэння ўдзельнікі.



“Мы абслугоўваем большую частку беларускіх сайтаў. Многія з іх прыкладаюць вялікія намаганні, каб зрабіць наша грамадства лепш. Мы вырашылі крыху дапамагчы інтэрнэт-карыстальнікам даведацца пра ініцыятывы, якія па-сапраўднаму важныя, – каментуе генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў. – Наша кампанія апошнія некалькі гадоў засяроджана на развіцці воблачных рашэнняў для бізнесу і на пабудове складаных адказаўстойлівых сервісаў. Але на пэўным этапе мы зразумелі, што тэхналогіі – гэта не ўсё ў нашай справе. Хацелася б падзяліць гэтае ўсведамленне з максімальнай колькасцю людзей”.

Нагадаем, у першым сезоне праекта “Дбай: інтэрнэт людзей” лідэрамі сімпатый беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў сталі сайт petitions.by і vouk.by – блог, напісаны ад імя ваўкоў Белавежскай пушчы. Яны абышлі платформы грамадзянскай актыўнасці “Мой горад” (115.бел), мотолькопомоги.бел, сэрвіс страчаных рукавіц і іншыя рэсурсы.

Новы Час

Viewing all 15480 articles
Browse latest View live